ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў цэнтры горада паміж р. Піна і вул. Леніна. Драўляны кляштар і касцёл засн. ў 1396 кн. Жыгімонтам Кейстутавічам. У 17 ст. неаднаразова гарэў, адбудаваны з дрэва (каменнай была толькі сакрысція), значна пашкоджаны ў 1648. У 1712—30 пабудаваны мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пазней — карпусы кляштара ў стылі барока. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766. У 1817 перад касцёлам пастаўлена 3-ярусная мураваная званіца (арх. К.​Каменскі), 4-ы ярус якой дабудаваны ў пач. 20 ст. Кляштар перабудаваны ў 1920-я г. (арх. Г.​Гай), касцёл у 1920—40-я г. і з 1991 — кафедральны. Касцёл — 1-нефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрыты стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы пад 1-схільнымі чарапічнымі дахамі. Гал. фасад расчлянёны на 3 ярусы і завершаны складаным франтонам з 2 вежамі па баках, дэкарыраваны пілястрамі, раскранаваны карнізамі, філянговымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваны лапаткамі. Сцены капліц прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі з лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры пазалочаныя алтары 18 ст. У іх кампазіцыі шмат драўлянай скульптуры і дэкар. арнаментальнай разьбы ў стылі барока. У 1909 скляпенні і падпружныя аркі размаляваны арнаментальнымі матывамі (маст. С.​Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі (маст. Б.​Вішнеўскі). 4 узаемна перпендыкулярныя 2- і 3-павярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Тарцы кляштарных будынкаў завершаны барочнымі франтонамі складанага профілю.

А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў.

т. 12, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)